воскресенье, 12 июля 2015 г.

На ростанях : філолаг на рынку працы

Калі мяне апошнія некалькі гадоў пыталі, чаму я паступіў на філфак, адназначнага адказу я даць не мог. Мне і зараз цяжка гэта зрабіць. Агулам, вышэйшая адукацыя ў Беларусі гэта сацыяльны маркер, які дазваляе табе пэўным чынам сцвердзіцца ў грамадстве. Разам з тым, толькі адзінкі працуюць уласна па атрыманай спецыяльнасці. Студэнтам, што скончылі эканамічна-тэхнічныя спецыяльнасці, трохі прасцей. Можна лавіраваць паміж сумежнымі прафесіямі. Асабіста мяне клапоціць лёс спецыялістаў-філолагаў, якія скончылі беларускую спецыяльнасць. Атрымаўшы грунтоўныя веды па гісторыі беларускай мовы і літаратуры, распрацаваўшы уласны праект, на выхадзе з універсітэту ў такога беларускага спецыяліста ёсць толькі два шляхі: працяг навуковай дзейнасці ў магістратуры, або праца ў школе (найчасцей) або праца не па спецыяльнасці. Айчынная медыяпрастора ў беларуакамоўных спецыялістах не мае патрэбы. Так званыя культурніцкія каналы тэлебачання і радыё працягваюць заставацца па змесце і форме ў 1975 годзе і прадукаваць балотную жыжу для застабілаў. Рускамоўная прастора нявельмі вітае і падтрымлівае беларускамоўныя ініцыятывы. Калі ім і ўдаецца стартаваць як незалежным медыя ці камерцыйным праектам, то яны так і застаюцца нейкім андэграўднымі ці маргінальнымі праектамі, якія не звязаныя з неабходнасцямі большасці (масы).
Па сённяшні дзень, усё што ўмее беларускі філолаг, гэта аналізаваць старажытныя тэксты на наяўнасць элементаў беларускай мовы, выпраўляць арфаграфічныя памылкі і выразна чытаць тэксты. Напрацягу апошніх двух гадоў у мяне было дастаткова часу, каб зразумець, што мая адукацыя недазапатрабаваная. Маіх ведаў недастаткова, а пра ўменні і казаць няма чаго. На філфаку таксама маглі б вучыць, як ствараць бізнез і шукаць новыя напрамкі дзейнасці. Сучасны рынак працы патрабуе ад філфаку добрых спецыялістаў па грамадскай камунікацыі, крэатыўных рэдактароў для інтэрнет-выданняў (праектаў), кнігавыдаўцоў, крытакаў-куратараў кніжных выстаў. Філолаг мусіць стаць кантамінатам розных спецыяльнасцяў у традыцыйным разуменні. Я ўпэўнены, што класічную беларускую філалогію можа выратаваць стварэнне асобнага тэлеканала або камерцыйнага інтэрнет-выдання, які стаў плёнам працы філолагаў. Гэта мусіць быць ультрасучасны медыя праект, дзе філолагі змаглі б рэалізавацца, як спецыялісты ў вобласці грамадскай камунікацыі, крэатыву, аналітыкі, спецыялістаў па развіцці і ўдасканальванні беларускага літаратурнага культурнага поля. Тым самым унёсак толькі аднаго філфаку ў беларускую справу па значнасці і аб'ёму грамадскай карысці  пераўзышоў бы справаздачы мінкульта за апошнія дваццаць гадоў.
Калі глядзець у вочы праўдзе, то беларускі філолаг БДУ нікому не патрэбны. Мяркую, такі стан справы паспрыяе бізнес-мабільнасці і ініцыятаўнасці маладых спецыяліста.
На перадзе ў мяне год навучання ў магістратуры філалагічнага факультэта. Гэта дазволіць мне пабыць "засланым казачком" у акадэмічнай прасторы, зразумець, для чаго там усе гэтыя людзі працуюць і каго гадуюць.

Комментариев нет:

Отправить комментарий