Показаны сообщения с ярлыком мінск. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком мінск. Показать все сообщения

понедельник, 2 марта 2015 г.

Перагляд



Кінатэатр “Перамога” на Інтэрнацыянальнай даўно стаў месцам надкультурным, які стала прыцягвае публіку для іншага кіно. Адразу адзначу, я ні ў якім разе не хачу нікога пакрыўдзіць, бо пра густы не спрачаюцца, іх падзяляюць або не падзяляюць. Разам з тым, гэта адзіны кінатэатр у Менску, які дэманструе тыя стужкі, пасля прагляду якіх на шырокім экране можна хоць трохі паверыць у далучасць беларусікаў да чагосьці агульнаэўрапейскага і вялікага. Хай сабе і са спазненнем на паўгады. Але гэта дэталі для іншага разважання.
Вясна, даволі сімвалічна, пачалася з прагляду ўжо добравядомай усім стужкі “Апантанасць” (Whiplash, 2014). Перад праглядам, пакуль я чакаў сваю сяброўку з прыбіральні, я разглядаў чарговую фатавыставу ў мурах вестыбюлю, а затым мой позірк перакінуўся на столік з праграмкамі. Я ўзяў адну. На адваротным боку было напісана “Новая сяброўка. Франсуа Азон”. Прызнаюся, з усёй маёй апантанасцю і прыхільнасцю да эўрапейскага кіно, я ўсё ж такі пакуль застаюся псеўдаінтэлектуалістам адносна кінематографу, бо не запамінаю ні прозвішчаў, ні назваў працы. Гляджу, аналізую, натхняюся, і хіба што, запамінаю агульны сюжэт. Але “Новую сяброўку” вырашыў паглядзець, для калекцыі неўзгаданых фільмаў.
Глядзеў кіно дома. Спачатку ўсё было як мне падабаецца – матавая стылёвая выява, прыгожыя ўбранні, смерць, пахаванне, абрысы эўрапейскай рэчаіснасці. Але ўсцяж наступных паўгадзінаў я наважваўся тры разы спыніць прагляд. Я вельмі талерантны і ўсёзразумелы грамадзянін. Але мне было цяжка прызнацца самому сабе, што я не гатовы да такога сцэнару – мужчына пасля смерці жонкі застаецца з немаўляткам, ён жа з’яўляецца трансфестытам у памяць сваёй жонкі, але на самой справе з дзяцінства пераапранаецца ў жаночае, мусіў прызнацца пра гэта блізкай сяброўцы жонкі, якая ў сваю чаргу мае нерэалізаваныя лесбійскія жаданні да сваёй памерлай сяброўкі. Але гэты сціслы пераказ не перадае ўсёй драмы. Кожны новы этап адкрыцця галоўнага героя-мужчыны як жанчыны трымаў у здранцвенні.“Так, гэта парадаксальны кактэйль усіх дзівацтваў і мутацый жыцця” – піша куратар праграмы “Гоголь-кино” Стас Тыркін у сваёй рэцэнзіі.


Але я пераадолеў сябе. Працягваючы прагляд заўважыў за сабою іншую з’яву: галоўны герой Давід, які ў жаночым вобразе ўжо прадстаўлены Вірджыніяй, вельмі хутка прызвычайвае гледача да сябе. І я таксама паддаўся гэтаму перамяненню, я пачаў трактаваць Вірджынію, як сапраўднае аблічча Давіда, на фоне якой ён сам выглядае ўжо даволі бледна і сціпла.


Я баюся ўявіць, што адбывалася ў галовах звычайных гледачоў, якія ішлі паглядзець ружовую французскую стужку, а тут ім прыйшлося сутыкнуцца з абсалютна іншым светам, з іншым каштоўнасным наборам у грамадскай супольнасці. Азон зняў працу, якая падалася мне балансаваннем на мяжы новай рэальнасці і складанага прымання чужой рэчаіснасці або ўвогуле яе непрымання.
Напружаны прагляд мастацкай стужкі выкрывае непадрыхтаванасць нашага грамадства да прысутнасці ў ім “іншых” людзей. Я мяркую, сапраўдны сацыяльны канфлікт паміж традыцыйным наборам нашых уяўленяў пра “нармальнага” чалавека і “іншымі” людзьмі ў Беларусі яшчэ наперадзе. Разам з тым, спадзяюся, я раблю няправільны прагноз і беларуская разважлівая талерантнасць будзе сапраўды такой разважлівай.

Стужка “Новая сяброўка” Франсуа Азона выйшла ў 2014 годзе, у Беларусі прайшла амаль незаўважна, таму па сённяшні дзень з’яўляецца новым ветрам у сталічным кінавідэапракаце, хай сабе і на асабістым кампутары. Раю да прагляду.

У дадатку, інфармацыя пра сакавіцкія кінапрэм'еры ў Перамозе:


четверг, 5 февраля 2015 г.

Востраў свіняў



Прыстойнасць, дабрыня і немітуслівая пачцівасць маюць значэнне,         калі агульнае нашых асобаў болей за суму нашых пажадаў. 


Чувак садзіцца ззаду мяне ў кінатэатры, ягоныя брудныя боты адразу апынаюцца на маіх парэнчах. Не, у яго не чэшуцца рукі і ён не хоча атрымаць ад мяне ў морду, ён абсалютна спакойны. Проста ён не заўважае, што я прысутнічаю. Таму ягоныя брудныя гаўнаступы апынуліся ў мяне пад носам – глыбока ўнутры маёй асабістай прасторы, менавіта там, дзе яны найбольш не да месца.
Я паварочваюся і сурова аглядаю парушальніка: звычайны хлапец гадоў дваццаці з гакам, які забурыўся ў кіно з сябрамі. Ніякай агрэсіі ў поглядзе і бандыцкіх тату на шыі, ні п’яны і нібы неабкураны. Тым не менш, вось яны, гэтыя паскудныя боты, якія моляць аб забіцці іх носьбіта на месцы. “Прыбяры ногі”, – папрасіў я, не павышаючы голасу. “Ну ты ж нясупраць, дружа?” – адказвае ён. Гэтаму даўно не даць веры, але людзі да гэтага часу прыязджаюць у Англію са спадзевам увачавідкі ўбачыць радзіму добрых манераў: Дэвіда Нівена, які прытрымлівае дзверы; Хью Гранта, які падносіць торбы старэчам; сэра Роджара Мура, які здымае капялюш. У выніку іх сустракае Востраў свіняў.
Востраў свіняў стаіць на моцным грунце сацыяльнага аўтызму і трымаецца за эгаізм, пафігізм і хамства. У галаве тыповага тутэйшага віруе кактэйль пыхлівасці, дурноты і гратэскава ўзнятай самаадзнакі. Ён (кактэйль) і дазваляе ім верыць, што нам падабаецца лавіць пахі іх брыдкага стрытфуду, слухаць ідыёцкія размовы, цярпець іх боты пад носам.
Дзякуючы жыхарам Вострава звычайныя штодзённыя справы – паездка ў грамадскім транспарце, наведванне кіно, шпацыр – ператвараюцца ў пакуту.
Што стала з добрымі манерамі? Калісьці гэтая краіна, якую марылі пабачыць замежнікі, сапраўды існавала. Тут жыла нацыя, якая фанатычна верыла ў добрыя манеры і пераўтварала ветлівасць у рэлігію. Я не маю на ўвазе этыкет. Гаворка пра сапраўдную пачцівасць – павагу да незнаёмых людзей, якая не дазваляе твайму сабаку насраць у пад’ездзе, каб суседзі наступілі на свежыя гаўнякі па дарозе на працу; пра сціплыя добрыя ўчынкі і маленькія жэсты ўсвядомленнага стаўлення да навакольных, на якіх гартавалася брытанская цывілізацыя; пра інстынктыўную прыстойнасць, заснаваную на жаданні не напружваць сабою навакольных. Мы былі нацыяй, якая выконвала чаргу, калі з неба ляцелі нямецкія бомбы; нацыяй, якая выбачалася, калі нехта раптам нам наступаў на нагу. На Востраве свіняў усё гэта запамяталі; замест мы маем тое, што Тэадор Далрымпл называе “асартыментам абыякавасці ў стаўленні да грамадскай прасторы”, або, прасцей кажучы, махрыстым эгаізмам.
Справа нават не ў дурных манерах, грубасці ці непавазе. Справа ў перакананасці, што ты маеш права навязваць сябе іншым, урывацца ў асабістую прастору навакольных. Тутэйшым з Вострава свіняў абыякава, ці вас раздражняе музыка, якую яны слухаюць у аўтобусе, ці ванітны водар гамбургераў. Ім усё роўна, таму што вы для іх не існуеце. Вашыя перажыванні не фіксуюцца хамячынымі мазгамі сацыяльных аўтыстаў: чувак, што сядзеў ззаду ў кінатэатры, настолькі ізаляваны ў сваім драбнюткім свеце, што ўсе астатнія для яго з’яўляюцца нябачнымі. І такіх, як ён – мільёны.
Добрыя манеры зараз не ў модзе; пачцівасць – смешная старамодная штука кшталту дэфіцыту на бананы або сямейнай бялізны. Адзін культуролаг назваў сучаснае хамства “апраўданым адмаўленнем прэтэнзій кіруючага класу на тое, каб яго паважалі”. У сваёй кнізе “Соры! Англічане і іх манеры” Генры Хітчынгс піша – “Добрыя манеры асацыююцца з прэтэнцыёзнасцю, цэрымоннымі перасцярогамі, адмаўленнем прагрэсу і нават з крывадушнасцю – не кажучы ўжо пра канфармізм, шэрасць і знішчэнне асобы”.
Добрыя манеры старамодныя, крывадушныя, а цывілізаваныя паводзіны, якія калісьці меліся на ўвазе, зараз лічацца бязглуздымі і пустымі. Хіба так, напышлівая ветлівасць бывае непрыемнай: кубкі ў “Старбаксе”, якія фамільярна клічуць нас на імя, ліслівыя афіцыянты. Добрыя манеры паходзяць ад пачуцця тоеснасці і агульнасці з іншымі людзьмі, ад усведамлення таго, што іншыя маюць вартасць. Касуючы рытуалы пачцівасці, мы спадзяваліся пабудаваць свет, пазбаўлены буржуазных умоўнасцяў, і зажыць у валадарстве асабістай свабоды. А ў выніку трапілі на Востраў свіняў.
Свіняў вярбуюць у інтэрнеце і па мабільным. За вечаровым сталом у наш час прынята сядзець і тыркаць у смартфоны, замест таго, каб узірацца ў абліччы тых, каго кахаеш ці любіш. Непакаранае хамства, паталагічны саліпсізм і выбар асабістых неабходнасцяў у якасці галоўнай каштоўнасці – усё гэта ўзнагароджваецца і ўзмацняецца анлайн. Намагацца стрымаць анлайн-хамства – гэта тое самае, што будаваць дамбу з фанеры. Кожны дзень у лічбавы сусвет выплёўваецца чатырыста мільёнаў твітаў. Таму што ў фэйсбуку сядзіць мільярд чалавек. Таму што ў сайта ask.fm, дзе можна ананімна абліваць брудам сабе падобных, пяцьдзясят сем мільёнаў карыстальнікаў.
Зразумела, Востраў свіняў нарадзіўся не ў інтэрнеце. Ягоныя карані – у пасляваенным грамадстве, дзе індывідуалізм ператварыўся ў новую рэлігію, а патрэбы асобы сталі шанавацца больш за ягоныя абавязацельствы перад краінай, грамадствам і іншымі асобамі. Тым не менш, новыя тэхналогіі забяспечылі востраву скок у развіцці, даўшы яго жыхарам магчымасць выйсці на сувязь з усім светам, застаючыся ізаляванымі ад іншых людзей. Дурныя манеры – кісларод інтэрнету; ніколі яшчэ ў гісторыі чалавецтва права голасу не атрымоўвала такая вялікая колькасць людзей, якім абсалютна няма чаго сказаць.
Нормы паводзінаў змяняюцца разам з часам. Я не памятаю, каб шорты былі сацыяльна прымальным відам верхняга адзення для дарослых мужчынаў. Мужчына апранаў шорты калі прымаў удзел у спартыўным спаборніцтве ці біў фашыстаў у пустыні. Сёння мужчыны апранаюць шорты на працу і нават у тэатр. Раней мужчыны не апраналі шорты ў тэатр, сцерагліся, што іх прымуць за ідыётаў. Зараз ім абыякава, што пра іх падумаюць. “Вуліца – гэта сталовая англічаніна, – піша Тэадор Далрымпл, – а таксама яго вядро для смецця”. Далрымпл праехаўся з Лондана ў Глазга і занатаваў уражанні ў кнізе-выраку Востраву свіняў пад назваю “Памыйня: як чужое смецце абумоўлівае нашае жыццё”. Далрымпл панура каталагізуе памыйню, што прадставілася яму па шляху: газеты за ўчора, зламаныя цацкі, іржавыя аўтазапчасткі. Але галоўным чынам пластыкавыя пакеты, які калісьці захоўвалі харч жыхароў Вострава свіняў, і жасцяныя слоікі з-пад іх пойла, выкінутыя праз вокны, каб іх падабраў міфічны дворнік. Знаёмае пачуццё: краіну, у якой мы выраслі, не пазнаць: яна стала чужою, чужою і нялюбай. Востраў свіняў – гэта зусім іншая краіна.
Але так не павінна быць. Сацыёлаг Эдвард Шылс піша: “Цывільнасць – гэта прынцып, які сцвярджае магчымасць грамадскага дабра, пагадненне падтрымліваць грамадскі парадак, нягледзячы на канфлікты інтарэсаў і ідэалаў”. Інакш кажучы, калі мы шануем грамадскую карысць, калі мы верым, што грамадства па-мінуламу існуе, то не павінны забруджваць наша асяроддзе смеццем, шумам, відовішчам нашых бледных валасатых ног. Мы павінны думаць пра іншых, пра пачуцці іншых людзей – не таму, што нашыя паводзіны скутыя межамі гнуслівых прыстойнасцяў, а таму, што мы людзі.

Зжывацца адзін з адным – гэта цудоўна. Прыстойнасць, дабрыня і немітуслівая пачцівасць маюць значэнне, калі агульнае нашых асобаў болей за суму нашых пажадаў. Старажытная цывільнасць пабудаваная на прыгожай ідэі – я такі ж добры, як і іншыя, але не лепей за ўсіх. Цягнучыся па засеяннай смеццем дарозе, мы зрубілі другую частку раўнання.

Тоні Парсанс, Лондан, 2013.
Пераклаў - Зміцер Трафімчук.

вторник, 27 января 2015 г.

Ці можа музей стаць трансформерам?



Напярэдадні "Ночы ў музеі" ў майстэрні Заіра Азгура я падрыхтаваў невялікае відэа. Яшчэ ўвосень 2014 года я сустрэўся з Лізаветай Еліневіч, каб даведацца пра тое, як звычайны музей адной асобы ў Менску пераўтвараецца ў культурную платформу. Вядома, гэта не працэс плыні часу, а хутчэй плыні свядомасці музейных супрацоўнікаў. У тым ліку і Лізаветы, якая з'яўляецца арганізатарам "Ночы ў музеі".


четверг, 11 декабря 2014 г.

Стылёвы чацвер Нашай Нівы

twitter.com/trafimchuk

Раніца чацвярга пачалася надзвычай пазітыўна. Прагляд навінаў на сайце nn.by ператварыўся ў вялікую пацеху. Аказалася, у беларускамоўнай медыя-прасторы знайлішся адмыслоўцы, смеласць якіх праявілася не абы-ўчым, а ў тэме моды і стылю. Канцэнтрацыя маёй увагі была максімальнай. Гэтай раніцай уся краіна даведалася пра наяўнасць тутэйшых "селебрыціс". Аўтары не пабаяліся, і выкарысталі такі наватвор для беларускай мовы. Тым самым, таксама ўразілі чытача.
Вядома, у мяне, скромнага энтузіяста на глебе блогерства, з'явілася шмат пытанняў да аўтараў.
Па-першае, чаму нацыянальная платформа (Наша Ніва) стала месцам для выказвання суб'ектыўнага погляду малавядомага, ды яшчэ і ў вузкіх колах, журналіста на тэму моды і стылю?
Па-другое, чым кіраваліся ў напісанні артыкула? Які папярэдні досвед стаў базай для выбару герояў артыкула, абзываннем іх "селібрыціс"?
Па-трэцяе, гэта недаравальная дзёрзкасць.
Павінен заступіцца за герояў артыкула, бо яны ўжо вядомыя ў пэўным асяроддзі асобы, але дакладна не працавалі над тым, каб прыхільніца асабістага стылю Антона Раднянкова разбірала іх знешні выгляд.
Аўтарка скандальнай публікацыі пісала пра адказнасць публічных асобаў перад грамадскасцю, у тым ліку і пра "лук". Але, спяшаючыся апублікаваць "лакшэры артыкул пра селебрыціс", забылася скіраваць да аналізу ўласную працу.
Вынік усяго напісанага адзін: ахінаючыся ў манто свецкага рэпарцёра, варта памятаць пра адказнасць перад гэтым светам. Ну, а галоўнае, свет правільны выбіраць.