Показаны сообщения с ярлыком беларуская мова. Показать все сообщения
Показаны сообщения с ярлыком беларуская мова. Показать все сообщения

понедельник, 13 июля 2015 г.

Жыццё ў праўдзе. Вытрымкі з тэкстаў Вацлава Гавэла.


Вацлаў Гавел 
(5 кастрычніка 1936, Прага — 
18 снежня 2011) — чэшскі дзяржаўны, грамадскі і культуры дзеяч.

Безнадзейнасць вядзе да апатыі, апатыя - да прыстасавальніцтва, - да руціннага падпарадкавання (якое прымаюць за праяву масавай палітычнай актыўнасці). Усё разам гэта складае сучаснае ўяўленне пра так званыя "нармальныя" паводзіны - уяўленне, па сваёй сутнасці, глыбока песімістычнае.

Замест свабоднага супольнага прыняцця эканамічных рашэнняў, свабоднага ўдзелу ў палітычным жыцці і свабоднага духоўнага развіцця чалавеку прапаноўваецца магчымасць свабодна вырашаць, якую марку лядоўні ці пральнай машыны сабе набыць.

Чаму дзяржаўная ўлада так сутаргава чапляецца за сваю ідэалогію? Відавочна, толькі таму, што ідэалогія як умоўная рытуальна-камунікатыўная сістэма гарантуе ёй ілюзію легітымнасці, пераемнасці і згуртаванасці, служыць ёй маскай прэстыжу ў яе прагматычнай практыцы.

Парадак быў дасягнуты. Коштам умярцвення духу, атупення сэрца і спусташэння жыцця. Была дасягнута вонкавая кансалідацыя. Коштам духоўнага і маральнага крызісу грамадства.

Разам з ростам атупення натуральным чынам прытупляецца і здольнасць гэтае атупенне заўважаць. 

Гэта свет забаронаў, абмежаванняў, загадаў. Свет, дзе пад культурніцкай палітыкай маецца на ўвазе перадусім культурніцкая паліцыя.
Спажывецкае грамадства ставіць перад культурай пытанне Не хаваляваць праўдай, а супакойваць хлуснёй.

Бо ніхто не ведае, калі непрыкметны агеньчык пазнання, запалены ў невялічкай купцы клетак, якія адказваюць за самаўсведамленне арганізму, асветліць, раптам шлях усяму грамадству, якое, можа, ніколі і не даведаецца, якім чынам убачыла гэты шлях.

Паслядоўна знішчаецца не толькі магчымасць, але і адчуванне магчымасці нешта зрабіць.

Агульнае пытанне, такім чынам, гучыць: якой ступені дасягне заўтрашняя духоўная і маральная імпатэнцыя народа ў выніку сённяшняй кастрацыі ягонай культуры?

Так, у нашай краіне пануе спакой, але ці не спакой гэта трупярні або магілы?

воскресенье, 12 июля 2015 г.

На ростанях : філолаг на рынку працы

Калі мяне апошнія некалькі гадоў пыталі, чаму я паступіў на філфак, адназначнага адказу я даць не мог. Мне і зараз цяжка гэта зрабіць. Агулам, вышэйшая адукацыя ў Беларусі гэта сацыяльны маркер, які дазваляе табе пэўным чынам сцвердзіцца ў грамадстве. Разам з тым, толькі адзінкі працуюць уласна па атрыманай спецыяльнасці. Студэнтам, што скончылі эканамічна-тэхнічныя спецыяльнасці, трохі прасцей. Можна лавіраваць паміж сумежнымі прафесіямі. Асабіста мяне клапоціць лёс спецыялістаў-філолагаў, якія скончылі беларускую спецыяльнасць. Атрымаўшы грунтоўныя веды па гісторыі беларускай мовы і літаратуры, распрацаваўшы уласны праект, на выхадзе з універсітэту ў такога беларускага спецыяліста ёсць толькі два шляхі: працяг навуковай дзейнасці ў магістратуры, або праца ў школе (найчасцей) або праца не па спецыяльнасці. Айчынная медыяпрастора ў беларуакамоўных спецыялістах не мае патрэбы. Так званыя культурніцкія каналы тэлебачання і радыё працягваюць заставацца па змесце і форме ў 1975 годзе і прадукаваць балотную жыжу для застабілаў. Рускамоўная прастора нявельмі вітае і падтрымлівае беларускамоўныя ініцыятывы. Калі ім і ўдаецца стартаваць як незалежным медыя ці камерцыйным праектам, то яны так і застаюцца нейкім андэграўднымі ці маргінальнымі праектамі, якія не звязаныя з неабходнасцямі большасці (масы).
Па сённяшні дзень, усё што ўмее беларускі філолаг, гэта аналізаваць старажытныя тэксты на наяўнасць элементаў беларускай мовы, выпраўляць арфаграфічныя памылкі і выразна чытаць тэксты. Напрацягу апошніх двух гадоў у мяне было дастаткова часу, каб зразумець, што мая адукацыя недазапатрабаваная. Маіх ведаў недастаткова, а пра ўменні і казаць няма чаго. На філфаку таксама маглі б вучыць, як ствараць бізнез і шукаць новыя напрамкі дзейнасці. Сучасны рынак працы патрабуе ад філфаку добрых спецыялістаў па грамадскай камунікацыі, крэатыўных рэдактароў для інтэрнет-выданняў (праектаў), кнігавыдаўцоў, крытакаў-куратараў кніжных выстаў. Філолаг мусіць стаць кантамінатам розных спецыяльнасцяў у традыцыйным разуменні. Я ўпэўнены, што класічную беларускую філалогію можа выратаваць стварэнне асобнага тэлеканала або камерцыйнага інтэрнет-выдання, які стаў плёнам працы філолагаў. Гэта мусіць быць ультрасучасны медыя праект, дзе філолагі змаглі б рэалізавацца, як спецыялісты ў вобласці грамадскай камунікацыі, крэатыву, аналітыкі, спецыялістаў па развіцці і ўдасканальванні беларускага літаратурнага культурнага поля. Тым самым унёсак толькі аднаго філфаку ў беларускую справу па значнасці і аб'ёму грамадскай карысці  пераўзышоў бы справаздачы мінкульта за апошнія дваццаць гадоў.
Калі глядзець у вочы праўдзе, то беларускі філолаг БДУ нікому не патрэбны. Мяркую, такі стан справы паспрыяе бізнес-мабільнасці і ініцыятаўнасці маладых спецыяліста.
На перадзе ў мяне год навучання ў магістратуры філалагічнага факультэта. Гэта дазволіць мне пабыць "засланым казачком" у акадэмічнай прасторы, зразумець, для чаго там усе гэтыя людзі працуюць і каго гадуюць.

понедельник, 2 марта 2015 г.

Перагляд



Кінатэатр “Перамога” на Інтэрнацыянальнай даўно стаў месцам надкультурным, які стала прыцягвае публіку для іншага кіно. Адразу адзначу, я ні ў якім разе не хачу нікога пакрыўдзіць, бо пра густы не спрачаюцца, іх падзяляюць або не падзяляюць. Разам з тым, гэта адзіны кінатэатр у Менску, які дэманструе тыя стужкі, пасля прагляду якіх на шырокім экране можна хоць трохі паверыць у далучасць беларусікаў да чагосьці агульнаэўрапейскага і вялікага. Хай сабе і са спазненнем на паўгады. Але гэта дэталі для іншага разважання.
Вясна, даволі сімвалічна, пачалася з прагляду ўжо добравядомай усім стужкі “Апантанасць” (Whiplash, 2014). Перад праглядам, пакуль я чакаў сваю сяброўку з прыбіральні, я разглядаў чарговую фатавыставу ў мурах вестыбюлю, а затым мой позірк перакінуўся на столік з праграмкамі. Я ўзяў адну. На адваротным боку было напісана “Новая сяброўка. Франсуа Азон”. Прызнаюся, з усёй маёй апантанасцю і прыхільнасцю да эўрапейскага кіно, я ўсё ж такі пакуль застаюся псеўдаінтэлектуалістам адносна кінематографу, бо не запамінаю ні прозвішчаў, ні назваў працы. Гляджу, аналізую, натхняюся, і хіба што, запамінаю агульны сюжэт. Але “Новую сяброўку” вырашыў паглядзець, для калекцыі неўзгаданых фільмаў.
Глядзеў кіно дома. Спачатку ўсё было як мне падабаецца – матавая стылёвая выява, прыгожыя ўбранні, смерць, пахаванне, абрысы эўрапейскай рэчаіснасці. Але ўсцяж наступных паўгадзінаў я наважваўся тры разы спыніць прагляд. Я вельмі талерантны і ўсёзразумелы грамадзянін. Але мне было цяжка прызнацца самому сабе, што я не гатовы да такога сцэнару – мужчына пасля смерці жонкі застаецца з немаўляткам, ён жа з’яўляецца трансфестытам у памяць сваёй жонкі, але на самой справе з дзяцінства пераапранаецца ў жаночае, мусіў прызнацца пра гэта блізкай сяброўцы жонкі, якая ў сваю чаргу мае нерэалізаваныя лесбійскія жаданні да сваёй памерлай сяброўкі. Але гэты сціслы пераказ не перадае ўсёй драмы. Кожны новы этап адкрыцця галоўнага героя-мужчыны як жанчыны трымаў у здранцвенні.“Так, гэта парадаксальны кактэйль усіх дзівацтваў і мутацый жыцця” – піша куратар праграмы “Гоголь-кино” Стас Тыркін у сваёй рэцэнзіі.


Але я пераадолеў сябе. Працягваючы прагляд заўважыў за сабою іншую з’яву: галоўны герой Давід, які ў жаночым вобразе ўжо прадстаўлены Вірджыніяй, вельмі хутка прызвычайвае гледача да сябе. І я таксама паддаўся гэтаму перамяненню, я пачаў трактаваць Вірджынію, як сапраўднае аблічча Давіда, на фоне якой ён сам выглядае ўжо даволі бледна і сціпла.


Я баюся ўявіць, што адбывалася ў галовах звычайных гледачоў, якія ішлі паглядзець ружовую французскую стужку, а тут ім прыйшлося сутыкнуцца з абсалютна іншым светам, з іншым каштоўнасным наборам у грамадскай супольнасці. Азон зняў працу, якая падалася мне балансаваннем на мяжы новай рэальнасці і складанага прымання чужой рэчаіснасці або ўвогуле яе непрымання.
Напружаны прагляд мастацкай стужкі выкрывае непадрыхтаванасць нашага грамадства да прысутнасці ў ім “іншых” людзей. Я мяркую, сапраўдны сацыяльны канфлікт паміж традыцыйным наборам нашых уяўленяў пра “нармальнага” чалавека і “іншымі” людзьмі ў Беларусі яшчэ наперадзе. Разам з тым, спадзяюся, я раблю няправільны прагноз і беларуская разважлівая талерантнасць будзе сапраўды такой разважлівай.

Стужка “Новая сяброўка” Франсуа Азона выйшла ў 2014 годзе, у Беларусі прайшла амаль незаўважна, таму па сённяшні дзень з’яўляецца новым ветрам у сталічным кінавідэапракаце, хай сабе і на асабістым кампутары. Раю да прагляду.

У дадатку, інфармацыя пра сакавіцкія кінапрэм'еры ў Перамозе: