Кінатэатр “Перамога” на Інтэрнацыянальнай даўно стаў
месцам надкультурным, які стала прыцягвае публіку для іншага кіно. Адразу
адзначу, я ні ў якім разе не хачу нікога пакрыўдзіць, бо пра густы не
спрачаюцца, іх падзяляюць або не падзяляюць. Разам з тым, гэта адзіны кінатэатр
у Менску, які дэманструе тыя стужкі, пасля прагляду якіх на шырокім экране
можна хоць трохі паверыць у далучасць беларусікаў да чагосьці
агульнаэўрапейскага і вялікага. Хай сабе і са спазненнем на паўгады. Але гэта
дэталі для іншага разважання.
Вясна, даволі сімвалічна, пачалася з
прагляду ўжо добравядомай усім стужкі “Апантанасць” (Whiplash, 2014). Перад праглядам, пакуль я
чакаў сваю сяброўку з прыбіральні, я разглядаў чарговую фатавыставу ў мурах
вестыбюлю, а затым мой позірк перакінуўся на столік з праграмкамі. Я ўзяў адну.
На адваротным боку было напісана “Новая сяброўка. Франсуа Азон”. Прызнаюся, з
усёй маёй апантанасцю і прыхільнасцю да эўрапейскага кіно, я ўсё ж такі пакуль застаюся
псеўдаінтэлектуалістам адносна кінематографу, бо не запамінаю ні прозвішчаў, ні
назваў працы. Гляджу, аналізую, натхняюся, і хіба што, запамінаю агульны сюжэт.
Але “Новую сяброўку” вырашыў паглядзець, для калекцыі неўзгаданых фільмаў.
Глядзеў кіно дома. Спачатку ўсё было як мне падабаецца –
матавая стылёвая выява, прыгожыя ўбранні, смерць, пахаванне, абрысы эўрапейскай
рэчаіснасці. Але ўсцяж наступных паўгадзінаў я наважваўся тры разы спыніць
прагляд. Я вельмі талерантны і ўсёзразумелы грамадзянін. Але мне было цяжка
прызнацца самому сабе, што я не гатовы да такога сцэнару – мужчына пасля смерці
жонкі застаецца з немаўляткам, ён жа з’яўляецца трансфестытам у памяць сваёй
жонкі, але на самой справе з дзяцінства пераапранаецца ў жаночае, мусіў
прызнацца пра гэта блізкай сяброўцы жонкі, якая ў сваю чаргу мае нерэалізаваныя
лесбійскія жаданні да сваёй памерлай сяброўкі. Але гэты сціслы пераказ не перадае
ўсёй драмы. Кожны новы этап адкрыцця галоўнага героя-мужчыны як жанчыны трымаў
у здранцвенні.“Так, гэта парадаксальны
кактэйль усіх дзівацтваў і мутацый жыцця” – піша куратар праграмы “Гоголь-кино”
Стас Тыркін у сваёй рэцэнзіі.
Але я пераадолеў сябе. Працягваючы прагляд заўважыў за
сабою іншую з’яву: галоўны герой Давід, які ў жаночым вобразе ўжо прадстаўлены
Вірджыніяй, вельмі хутка прызвычайвае гледача да сябе. І я таксама паддаўся
гэтаму перамяненню, я пачаў трактаваць Вірджынію, як сапраўднае аблічча Давіда,
на фоне якой ён сам выглядае ўжо даволі бледна і сціпла.
Я баюся ўявіць, што адбывалася ў
галовах звычайных гледачоў, якія ішлі паглядзець ружовую французскую стужку, а
тут ім прыйшлося сутыкнуцца з абсалютна іншым светам, з іншым каштоўнасным
наборам у грамадскай супольнасці. Азон зняў працу, якая падалася мне
балансаваннем на мяжы новай рэальнасці і складанага прымання чужой рэчаіснасці
або ўвогуле яе непрымання.
Напружаны прагляд мастацкай стужкі
выкрывае непадрыхтаванасць нашага грамадства да прысутнасці ў ім “іншых”
людзей. Я мяркую, сапраўдны сацыяльны канфлікт паміж традыцыйным наборам нашых
уяўленяў пра “нармальнага” чалавека і “іншымі” людзьмі ў Беларусі яшчэ
наперадзе. Разам з тым, спадзяюся, я раблю няправільны прагноз і беларуская
разважлівая талерантнасць будзе сапраўды такой разважлівай.
Стужка “Новая сяброўка” Франсуа
Азона выйшла ў 2014 годзе, у Беларусі прайшла амаль незаўважна, таму па
сённяшні дзень з’яўляецца новым ветрам у сталічным кінавідэапракаце, хай сабе і
на асабістым кампутары. Раю да прагляду.
У дадатку, інфармацыя пра сакавіцкія кінапрэм'еры ў Перамозе: